Беларуская Служба

У Еўропу вяртаюцца калядныя кірмашы

06.11.2021 17:21
На поўначы Італіі вядзецца падрыхтоўка да знакамітых на ўсю Еўропу святочных таргоў.
Ілюстрацыйны здымакImage by Michelle Raponi from Pixabay/CC0

Летась яны былі адменены з-за другой хвалі пандэміі каранавіруса, сёлета пройдуць ва ўмовах санітарнага рэжыму. Уваход будзе дазволены толькі пры наяўнасці пропуску на Covid-19. Глінтвейн і мясцовыя дэлікатэсы будуць падаваць з захаваннем правіл барацьбы з пандэміяй.

Найраней, 20 лістапада, калядны кірмаш адкрыецца ў Трэнта, а праз шэсць дзён у Бальцана і ваколіцах. Гэты кірмаш на працягу доўгіх гадоў лічыўся самым прыгожым у Італіі. Штогод яго наведвалі сотні тысяч людзей з розных краін.

Цяпер перад уваходам на плошчу неабходна будзе прад'явіць сапраўдны пропуск на Covid-19, выдадзены на падставе прышчэпкі, выздараўлення ад Covid-19 або адмоўнага выніку аналізаў.

Маскі будуць абавязковымі на кірмашы, які будзе працаваць да 6 студзеня наступнага года.

PAP/юл